Бацькоўскае шчасце
Як птушаня ў гняздзечку,
як кураня да курыцы,
дзяўчыначка ў пасцельцы
бліжэй да мамы туліцца,
сваёй маленькай ручкаю
за шыю абдымаецца.
Магчыма, гэта шчасцем
бацькоўскім называецца.
Ганна Рэлікоўская
Чысцюля
“Ірыначка, Ірынка,
маленькая дзяўчнка,
дзяўчынка-шчабятушка,
ці мыла свае шчочкі?
Ці мыла свае вочкі?” –
пытаюся, усміхаюся,
з Ірынкай забаўляюся.
Ірыначка мне кажа:
“Я ўся была ў сажы,
я мыла свае шчочкі,
і вушкі два, і вочкі.
Я ручкі доўга мыла,
аж не хапіла мыла”.
Якая малайчынка,
Дзяўчыначка – Ірынка!
Ганна Рэлікоўская
Чамучка
Язычок той не прыціснуць
і пытанняў не спыніць:
Чаму дожджык раптам сціхнуў?
Чаму сонейка не спіць?
Чаму вокны адчынілі,
напусцілі камароў?
Чаму супу наварылі
з памідораў, буракоў?
Па дарожцы будзе бегаць
то ўзад, то ўпярод.
Чалавек усё хоча ведаць,
бо яму ўжо пяты год!
Ганна Рэлікоўская
Свята
У бабкі з дзядулем
Настрой прыўзняты:
Яны сёння першымі ўбачылі
Свята
А тата ў здзіўленні,
Не верыцца тату:
- Звычайны аўторак.
Адкуль жа быць святу?
Не меней за тату
Здзіўлена мама:
Пра свята не ведае
Мама таксама.
А свята са спальні
Імчыцца па хаце:
Сама ўпершыню
Апранулася Каця.
Уладзімір Бабкоў
Раніца
Як надыдзе раніца –
Кожны з нас збіраецца:
Тата з мамай на завод,
Дзе працуюць многа год,
На заняткі ў школу брат.
Ну, а я ў дзіцячы сад.
Ніна Галіноўская