Нататкі таткі
Татка сеў пісаць нататку,
А малая — скок на татку.
Цап яго за бараду:
Беражыся — я іду!
Татка, хто спаймае мячык?
Татка, я хачу да качак!
Паглядзець на ліхтары,
Пакатацца на шары!
Пагайдацца ў парасоне,
Рыцца лыжкай у вазоне!
Паляцець, як Віні Пух!
Лепей, татачка, удвух!
Татка, дай зубную шчотку!
Пакажы вунь тую фотку!
А цяпер здымі з каня
І сьпявай пра зубраня!
Ой, парваўся мой блакноцік!
Што за лужына? Кампоцік!
Зьела на вячэру блін,
Крэйду, фарбу й пластылін…
Карацей, замест нататак –
Вэрхал. З вершамі ў дадатак:
Для дзяцей, іх мам і татак.
Шарык
У мяне ёсць шарык –
Жоўты, як ліхтарык.
На яго з усіх бакоў
Шмат сядае матылькоў.
Хочуць сесці на мой шарык
Цёця муха і камарык.
Сяду на яго сама…
Бах! — і шарыка няма.
Грыбы
Мчыць машына, дым з трубы –
З дзедам едзем у грыбы.
Шмат грыбоў, што ёсць у лесе,
У маё вядзёрка ўлезе.
Адыходжу крок ад сцежкі,
Мне насустрач — сыраежкі.
Я бяру адну і дзве,
І яшчэ адна ў траве.
Назбіраю шмат грыбоў,
У мяне да іх любоў.
Можа — сто, а можа — дзвесце,
Каб і татка мог пад’есці.
А яшчэ грыбоў на ўзгорак
Пакладу я — для вавёрак,
Каб і тут было каму
Харчавацца ўсю зіму.
Як правільна шукаць пальчаткі
Элементарна. Для пачатку
Знаходжу першую пальчатку.
Пасля мяркую, ці змагу я
У шафе адшукаць другую.
Ой, нешта маю прадчуванне…
Ну, так і ёсць — няма. А ў ванне?
Шукаю ў кухні. Ёсць? Няма.
У прыбіральні. Зноў дарма.
Ў вялікім і малым пакоі.
Нідзе няма. Ды што такое?!
Пальчатка, адгукніся, дзе ты?
Я без цябе — як неадзеты.
Пальчаткі, хто гуляць са мной?
Другой няма — іду ў адной.
Мяняю рукі па чарзе:
Ўсё не шкарпэтка на назе!
Сабе ўнушаю: «Не халодна!»
Хай думаюць, што гэта модна.
Хай мне зайздросцяць малалеткі,
Руку хаваючы ў кішэнь!
А прастуджуся — п’ю таблеткі,
Гарбату з мёдам і жэньшэнь.
Шкарпяткі
«Чаму шкарпэтка —
не шкарпятка?» —
Пытаецца ў бацькоў дзіцятка.
А мама кажа вінавата:
«Ня ведаю, спытай у таты».
Пытае ў таты: «Слухай, татка,
Чаму шкарпэтка — не шкарпятка?»
І тата адказаў таксама:
«Не ведаю, хай скажа мама».
Ідзе да хлопцаў і дзяўчатак:
Шкарпэткі ёсць — няма шкарпятак!
Няма шкарпятак —
ёсць шкарпэткі!
Маўчаць сяброўкі і суседкі…
А я скажу: каб быў занятак
І ў татак, і ў дзіцячых пятак,
Каб мелі чым заняцца дзеткі,
Пакуль ім надзяем шкарпэткі!
Фантан
Міма шыльдаў, міма крамаў,
Міма ровараў без рамаў,
Міма лавак, міма клумбаў,
Міма тэатральных тумбаў,
Міма рынку, міма парку,
Паўз машыну-іншамарку,
Міма кветак у вазонах,
Па сцяжынках, па газонах
Крочу да фантана, дзе
Буду плёскацца ў вадзе!
За руку прыводжу тату:
Ён хацеў у пункт пракату,
Але трапіў пад струмень –
У яго няўдалы дзень.
Бо дарослыя не ў стане
Мокнуць радасна ў фантане.
Задача
Караблі выходзяць з порта,
Але ўсе ідуць у порт,
Хто самотна, хто з эскортам.
Гэта іх любімы спорт.
А на пірсах дзеткі ў шортах
Просяцца да іх на борт,
Каб даведацца, хто — з порта,
Хто, наадварот, — у порт.
А яны плывуць упёрта
У напрамку зюйт і норд,
Роўна паўдарогі з порта,
Потым паўдарогі ў порт.
Аддаляюцца, пакуль
Не закончыцца «адсюль» —
Ў нейкай кропцы —
і тады
Пачынаецца «сюды».
Хто за некалькі секунд
Адшукае гэты пункт?
Паляванне ў ванне
Я іду на паляванне:
Паляванне будзе ў ванне.
Там жывуць гумовы морж,
Рыба-кіт і рыба-ёрш.
Ёсць кальмары і дэльфіны,
І пінгвіны быць павінны!
Чарапах, вядома ж, тры.
І бабры, мае сябры.
Эй вы там, хавайце пыскі!
Будзе мокра, будуць пырскі!
Хто са мной? Аддаць канцы!
Мы — цудоўныя нырцы!
Мышка туліцца да коткі –
Не ўцячэш з падводнай лодкі!
Разгайдаем ванну ўшчэнт,
Хто гайдаў — таму прэзэнт!
Накармлю маржа і крабіка
Кавай мамінай «Арабіка».
Напаю бабра і выдру
З татавай бутэлькі сідру.
Хто прайграў падводны бой,
Прыбірае за сабой!